НОВОСТИ

Абмеркаванне новых правілаў рыбацтва

У Беларусі падвялі вынікі грамадскага абмеркавання новых правілаў рыбацтва, паступіла 607 каментароў і прапановаў.
Самая гарачая тэма — снасць “экран-тэлевізар”: па ёй прыйшло больш за 500 зваротаў, і больш паловы ўдзельнікаў выступілі за поўную забарону. Улады фіксуюць, што частка людзей хоча пакінуць “экран” з абмежаваннямі — прыкладам адзін на чалавека ці толькі для лоўлі на жыўца.

Другая вялікая тэма — адзіны рыбацкі квіток: выказаліся больш за 300 чалавек, большасць — “за”, але пры ўмовах: ільготы для пенсіянераў, дзяцей і ветэранаў, зразумелая цана і празрыстае выдаткаванне грошай на зарыбленне і ахову.

А вось дзе пачынаецца спрэчнае. Людзі масава падымалі тэмы смецця на берагах, слабога кантролю, браканьерства, “зімавальных ям” і прэтэнзій да арандатараў. Адказ службоўцаў шмат у чым такі: новыя нормы дадаваць “немэтазгодна”, трэба проста нармальна выконваць ужо дзейныя правілы.

І яшчэ два пункты ўлады загадзя “замарозілі”: тролінг/падводнае паляванне пераглядаць цяпер не будуць, і арэнду рыбацкіх угоддзяў таксама. Пры гэтым афіцыйна прызнаюць: у арэндзе менш за 100 угоддзяў — гэта каля 8% ад прыдатных, іншае — фонд запасу.