Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі выкрыў маштабную карупцыю ў сферы капрамонту. Расказваем, як службоўцы і бізнес «дахавалі» тэндары і завошта ім зараз пагражае крымінальная адказнасць.
КДК выявіў парушэнні ў трох рэгіёнах: Мінску, Мінскай і Брэсцкай абласцях. Схема працавала некалькі гадоў: з 2022 па 2025 год.
У Мінску затрымалі першага намесніка дырэктары адной з раённых ЖКГ (ён жа галоўны інжынер). Яго ўзялі з доказамі злачынства пры атрыманні хабары ў 21 тысячу даляраў.
У 2024 годзе гэты ж службовец атрымаў 40 тысяч рублёў гатоўкай і будматэрыялаў амаль на 30 тысяч рублёў. Усяго на Мінск даводзілася пяцёра «апекуноў» з ЖКГ, якія дапамагалі бізнесу. У Брэсцкай і Мінскай абласцях у схемах былі замяшаны супрацоўнікі сямі дзяржаўных прадпрыемстваў.
Завошта і колькі? Фігуранты за грошы «страхавалі» камерсантаў пры правядзенні капрамонту і закупе абсталявання. Наўзамен прадпрымальнікі не толькі плацілі гатоўкай (дзясяткі тысяч рублёў), але і перадавалі дарагія будматэрыялы для асабістых патрэб, таксама рабілі дармовы рамонт у кватэрах і хатах службоўцаў і іх сваякоў.
Так, дырэктар раённай ЖКГ за лаяльнасць запатрабаваў ад бізнесоўца зрабіць дармовы рамонт у салоне прыгажосці яго жонкі. Таксама ён прымусіў камерсанта ўзяць на працу свайго фітнэс-трэнера, які паралельна трэнераваў яго каханку з той жа ЖКГ.
Камерсанты таксама давалі хабары, каб з імі хутчэй разлічваліся па ўжо выкананых працах. Агульную шкоду ад іх чыннасці папярэдняе ацанілі ў 300 тысяч рублёў.
Які вынік? У дачыненні да пяці службовых асоб узбуджана 10 крымінальных спраў. Доказы сабраны: відэазапіс, аўдыязапіс і ліставанне, большасць парушальнікаў бралі з доказамі злачынства.